— Калі ласка, пан, — сказаў Забава, каб адарваць яго ад непрыемнай тэмы, — якія ў вас тут адносіны паміж грамадзянамі і. уладай? Гэтак даўно не быў у Расеі.
Спадар Юзаф усміхнуўся.
— Адносіны, адносіны?. Вельмі простыя адносіны: Молчать и неразгаваривать. Такія адносіны! Разумее пан: дыктатура пралетарыяту! Дык-та-ту-ра!!! А з гэтай прычыны кожны гнюс, уедлівы, які мае шмат спрыту і нахабства, атрымаў магчымасць прыгнятаць іншых, якія тых вартасцей не маюць. Калісьці ўлада служыла грамадзянам. Зараз грамадзяне служаць уладзе. Служаць са страхам. подлым, агідным, які зневажае чалавека. Страх ператварыў грамадзян у шпікоў. нават у сем’і ўвайшло шпіёнства. Пан ведае, у якой дзяржаве мы жывём, га?
— У Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы.
— Нічога падобнага! — грукнуў даланёй па стале Юзаф. — У ліпкай краіне, у ліпучай дзяржаве, паночку, у ліпучай. Тут усё ліпее і ўсё злеплена: расколатыя шыбіны — паперай, муры і платы — дэкрэтамі, паркеты і сцены — макроццем і брудам!.. Паветра ліпкае ад смуроду; рукі ліпкія — ад зладзейства; погляды ліпкія — падазроныя і баязлівыя; улада ліпкая — хабарыстая!.. У клеі, халера, мы жывём, у ліпкасці паміраем! Кожны сноўдаецца, як той журавель у балоце: нос з бруду выцягне — хвост уграз, хвост выцягне — нос уграз і так кругом!.. Мая Ядзька (разумная гэта лабацінка) кажа, што мы жывём у чацвёртым вымярэнні. Нібы пазанармальным чалавечым жыццём. І гэта насамрэч так, бо нават час перасунуты на тры гадзіны.
У людзей дзевятая вечара, у тэатры ідуць ці на балі, а ў нас — дванаццаць уначы, даўно спаць вымушаны. Людзі на працу а восьмай раніцы ідуць, а мы а пятай уначы.
— Мяне цікавіць, як грамадзяне ставяцца да ўладаў?
— Не-на-відзяць! Стра-а-ашэнна! Да смерці, крадком ненавідзяць, са страхам. Ненавідзяць, ліслівячы! Ненавідзяць, працуючы! Тут няма анічога святога! Усё аплявана, высмеена, над усім здзек. з крывёй і слёзамі. Да прыкладу, дзяржава наша завецца скарочана: РСФСР. Скарот гэты служыць мішэнню да проста бясконцых высмейванняў таго, што лепш за ўсё сведчыць пра любоў і давер грамадзян да ўлады. У кожнай іншай краіне грамадзяне ганарацца сваёй прыналежнасцю да дзяржавы, а ў нас. Калі ласка, паслухайце, што робяць з таго прыгожага скароту: РСФСР. Першае: «Редкий Случай Феноменального Сумасшествия Расы». Другое: «По краям Розы, по бокам Слёзы, а посредине Фига» ). Трэцяе: «два Ерики, два Серики, а посредине Фе». Чацвёртае: «Российский Социализм Форсит Своим Рылом»... І гэтак далей бясконца!.. Тут я прывёў толькі некаторыя, мажлівыя да пераказвання. У ніякай дзяржаве, спадарочку, не можа выгадавацца гэткая нянавісць да ўлады, як у нас! І думае пан: ненавідзяць буржуі? Не. беднякі ненавідзяць! З буржуямі скончана. альбо выбіты, альбо павыміралі, альбо паўцякалі, а тыя што, засталіся — далі сабе рады. Добра абгрунтаваліся. Кажу ж, далі сабе рады... Можа, лепш, чым калі. Зрэшты, убачыць пан сам. Пан казаў, што жадае ехаць у Гомель, да знаёмых.
— Так, і з гэтай прычыны маю просьбу.
— Вельмі ахвотна.
Забава паказаў Юзафу бранзалет і папрасіў прадаць яго за савецкія грошы. Трэба ж на праезд. Той стаў уважліва разглядаць каштоўнасць.
— Вядома, зраблю, — сказаў. — Але я раю дыяментаў тут не прадаваць. У Польшчы пан напэўна даражэй яго абгрошыць. Я разбіраюся трохі ў гэтым. Дыяменты каштоўныя: вунь гэтыя два па тры чвэрткі карата, а той, што ў сярэдзіне, пад карат з ліхвой. Яны ўсе чыстыя, іх так і называюць — «чыстае вады». Каштуюць каля 250 даляраў. А золата пану заўтра ж прадам.
— Цудоўна!
— Можна зрабіць так: палову ўзяць лімонамі, а палову ў далярах. Ведае пан, чым я займаюся, з чаго жыву?
?..
— Перакупніцтвам. Гандаль у нас наогул забаронены, але то, паночку, хлусня. Усе гандлююць, чым хто можа. Нават улада... Яны дык першым чынам... Прыклад падаюць.
Доўга гаварыў Забава з Юзафам. Пачуў ад яго шмат цікавых рэчаў, атрымаў шмат інфармацыі. Цяпер збольшага арыентаваўся ў новых праявах савецкага жыцця і ў новых парадках.
Набліжалася трэцяя гадзіна ночы. Газа ў лямпе дагарала, бутэлька была даўно пустая. Юзаф пасцяліў Забаве на канапе.
Стомлены Забава адразу ж заснуў. Прыснілася яму дэманстрацыя абарваных, жудасных, знясіленых людзей. Ішлі панурыя, бязгучна сунучыся па сонных вуліцах места, напаўняючы яго бруднай хваляй целаў і лахманамі адзежын. Над той чорнай, жывой хваляй чырвонымі макамі квітнелі сцягі, з напісанымі на іх дзіўнымі заклікамі: «Няхай жыве чацвёртае вымярэнне!»
Пасля пяці дзён знаходжання ў Гомелі Забава вяртаўся ў Менск. «Працу» выканаў нечакана лёгка і добра; зрэшты, заданне ягонае выпрабавальнае, яно і не магло быць цяжкім. Так, паездзіць, паглядзець, паслухаць. Аднак Забава падмацаваў свае назіранні яшчэ і дакументамі, якія пацвярджалі трохі сумнеўныя звесткі вайсковага характару.
У Гомелі давялося перадаць ліст ад бацькоў, якія жывуць у Польшчы, аднаму чырвонаму афіцэру з 7-й кавалерыйскай дывізіі. Сустрэлі яго добразычліва. Лёгка здабыў патрэбную інфармацыю, і нават некаторыя матэрыялы (малакаштоўныя, але яны адкрывалі шырэйшую перспектыву на будучае). Акрамя таго, яму наладзілі знаёмства з «буйной рыбай» са штаба той 7-й кавалерыйскай дывізіі. Уласна, дзеля гэтага ён тут, у Саветах, і быў. Стомлены, не выспаны, але вельмі задаволены.
Звык у новым для сябе асяродку і пачуваўся, як рыба ў вадзе. Умеў лёгка прыстасоўвацца да любых нечаканых акалічнасцей і прызначанай ролі. Гэта быў яго талент, удасканалены доўгімі гадамі небяспечнага жыцця ў агні вайны, віры рэвалюцыі. Канспіратыўнае жыццё насычала яго радасцю. Любіў хавацца пад чужымі прозвішчамі, праслізгваць з горада да горада, адчуваць заўсёдную рызыку і напругу нерваў. Жыць даведзенай да дасканаласці вёрткасцю гнанага звера. Для яго гэта была тая стыхія, як для добрага плыўца вада: прыемная і — заўсёды небяспечная, няпэўная.