— Гэта правільна, да-а-ска-а-нала! — захапляўся, цмокаючы мясістымі, нібы наклеенымі вуснамі, армянін, пацвярджаючы невядома што — словы песенькі, ці прамову малодшага камандзіра.
— .У Польшчы, таварыш, паны рыхтуюцца знішчыць нашу свабоду!.. Паўмільёна працоўных канае ў турмах!.. Сяляне і працоўныя з голаду паміраюць, а буржуазія аб’ядаецца рознымі апельсінамі і разбіваецца на аўтамабілях! Культура падае! Масы паміраюць у жабрацтве, а панкі ад абжорства рыгаюць!..
Мар’я валіць п’яная,
З перапою ўся дрыжыць...
Кашуліна падраная,
Лева вочачка крывіць...
— Гэта сапраўды!.. — цмокаў армянін, утаропіўшы вочы на малодшага камандзіра.
Паблізу хтосьці распавядаў анекдот:
— Такім чынам прыходзіць ён, вядома, да таго апошняга купэ (бо ўсе іншыя набіты), а ля ўвахода, вядома, габрэй вартуе і не ўпускае. «Заняты» — кажа. «А хто едзе?» — пытае. А ён і гяргеча: «Дзве Розы з Совнархозы, дзве Рывы з кааперацівы, адзін Іцэк з Цэнтроспіцэк, я і жонка майго брата, савецкага дэлегата».
Малодшы камандзір павярнуўся да цывільнага, які травіў анекдоты:
— Я вам забараняю, грамадзянін, распавядаць такія свінствы! Гэта антысемітызм!.. Там, дзе пануе чырвоная зорка інтэрнацыяналу, няма месца шавінізму, бо разам з шавінізмам ідзе рэакцыя! — казаў, паварочваючыся да армяніна, бо цывільны дзесьці знік, ледзь толькі звярнулі на яго ўвагу. — Гэта палітыка буржуазіі. Палітыка нацкоўвання адной класавай праслойкі насельніцтва супраць другой, каб адцягнуць увагу. — тут ён спыніўся, бо заўважыў, што ягоны слухач заснуў.
У Бабруйску Забава высунуўся праз акно і аддаў хлапчуку, які прадаваў газеты, ліст.
— Укінь зараз жа ў паштовую скрынку! — сказаў, даючы яму дробную купюрку.
Хлопчык укінуў ліст ў паштовую скрынку, павешаную на сцяне вакзала.
Забаве было вельмі неабходна, каб ліст прыйшоў у Менск з Бабруйскім паштовым штэмпелем, таму і скарыстаўся выпадкам.
Ліст гэты Забава напісаў яшчэ ў Гомелі, калі і намерваўся ехаць у Менск праз Бабруйск.
Бабруйск, 10 жніўня 1922 г.
Шаноўная Соф’я Паўлаўна!
Прабачце, што так даўно не пісаў. Заўсёды спадзяваўся адведаць Вас асабіста і пісанне лістоў адкладваў на пасля.
Зараз я жыву ў Бабруйску, дзе працую на пошце тэлеграфістам. Неўзабаве прыеду ў Менск і абавязкова завітаю да Вас... Тады распавяду пра сябе болей падрабязна.
Пакуль што ўсё.
Прывітанне Марыі Дзмітрыеўне, Паўлу Аляксандравічу і Эльжбеце.
Раман Забава
Ліст гэты Забава напісаў да сваёй былой нявесты, з якой калісьці развітаўся ў 1920 годзе, выязджаючы ўглыб краіны. Цяпер жадаў падрыхтаваць яе і ейную сям’ю, каб знянацку не застаць іх сваім нечаканым з’яўленнем. Слушна лічыў, што ў сям’і маглі адбыцца неспадзяваныя змены. Ліст павінен быў легалізаваць яго ў сям’і Брагіных. Дзеля гэтага прыдумаў ім складаную, добра абдуманую гісторыю свайго жыцця ад 1920 года. Што праўда, мог бы адмовіцца ад далейшага знаёмства з імі, але штосьці вабіла яго да іх, найперш да Зосі, якую дагэтуль не перастаў кахаць і ўспаміны пра якую часта наведвалі яго. Быў сентыментальны і любіў у «каханні» найперш яго ідэальны бок: самаахвяраванне, шляхетнасць, нават рыцарства. Зося была для яго калісьці выдатнай партнёркай у той гульні.
Вырашыў пайсці да Брагіных падчас наступнага задання. Яго планавалі закінуць у Саветы другі раз перад канцом жніўня. На тое была вельмі важная прычына.
У Менск Забава прыехаў без аніякіх прыгод, толькі ледзь не аглух ад песняў вясёлай кампаніі.
Забава пакінуў Менск пасля полудня. Яму належала як мага раней перайсці дзяржаўную мяжу. З вопыту ведаў, што зноў будзе блукаць. Вырашыў ісці гасцінцам як найдалей, а потым дачакацца прыцемкаў, пасля чаго ісці лесам, трымаючыся дарогі, ажно да мяжы. Ішоў насцярожана, нават не маючы паняцця, што творыцца вакол. Толькі будучыня дала яму разуменне таго, на што тут, паміж Менскам і мяжой, мог напароцца. Людзі кажуць, што «дурням шанцуе»...
У пэўным сэнсе так было і з Забавам.
Дарога з Менска да Ракава падлягала ўзмоцненай ахове, паколькі гэта быў найкарацейшы шлях паміж сталіцай і мяжой. За прадмесцямі сачылі міліцэйскія пасты і ЧК, а саму дарогу, на ўсёй яе працягласці, пільнавалі заградатрады.
Каб прабрацца з Польшчы ў Менск, належала перайсці ўласна мяжу, потым яшчэ адну памежную лінію, паміж якімі кружылі пешыя і конныя патрулі. Акрамя таго, яшчэ былі межавыя пасты, а ў зручных мясцінах ладзіліся засады, часта з вывучанымі сабакамі. Бывала, што ў прыгранічную паласу ўскоквалі рухомыя кавалерыйскія патрулі. Дапаможную працу ў больш глыбокім тыле праводзілі мытнікі. Калі да ўсяго гэтага мы дададзім яшчэ працу памежнікаў, што звычайна вялася паводле ўласнай, ніяк не прадказальнай ініцыятывы, ды яшчэ і высілкі сексотаў, а таксама іх давераных асоб, якія паводле самых розных хітрых прычын карміліся на памежжы, дык зразумеем, як цяжка было прабрацца з-за мяжы ў Менск. Гэткае падарожжа я параўноўваю з вандроўкай па велізарнай шахматнай дошцы, у якой чорныя квадраты — гэта небяспека, і чалавек вымушаны перайсці з аднаго боку шахматнай дошкі на другі па белых клетках; пры тым дакладна невядома, дзе чорныя квадраты, а дзе белыя, бо яны ўвесь час змяняюцца.
Існавала яшчэ адна небяспека. Жыхары прыгранічча (сяляне) добра ведалі, што па дарогах, сцежках, палях, лугах і лясах часта праходзяць партыі кантрабандыстаў, таму збіраліся па некалькі, з агнястрэльнай зброяй або косамі і сякерамі, і, карыстаючыся выдатным веданнем мясцовасці, рабілі засады, каб рабаваць тых кантрабандыстаў. Ладзілі паляванні на людзей і часта добра на тым нажываліся. Нават аддавалі перавагу такому спосабу рабаўніцтва, чым самім «чэсна» займацца кантрабандай. За яе, кантрабанду, у Саветах вельмі сурова каралі.