— Я казаў, што ён не пагодзіцца, — уздыхнуў Алесь.
— Не, Раманку, — сказаў Часлаў, — калі так, дык мы пойдзем адны. Мы хочам, каб усё пайшло сваім парадкам. Трэба і тое мець на ўвазе, што з трыма, калі мы з’явімся, іначай будуць лічыцца, чым з адным. Мы аніякія тамака ні буржуі, капіталісты ці контррэвалюцыянеры. Вяртаемся дадому, да працы, не маючы на сумленні ніякіх злачынстваў — ані крымінальных, ані палітычных. Мы прыйдзем шчырая, адкрытыя. У гэтым наш козыр. Чаго нам баяцца?
Доўга размаўлялі сябры. Забава, згодна дамове, павінен быў застацца ў Вільні і чакаць ад іх вестак, а тады таксама ісці да іх у Менск.
Справу акрапілі. Калі падвыпілі ўжо, хтосьці падаў наступную прапанову: «Вы ведаеце што, хлопцы? Невядома, што здарыцца з намі. Прызначым сабе сустрэчу на будучыню, праз пэўны час. Я нешта такое чытаў. Як бы гэта было хораша, га?.. Адзін у Вільні, адзін у Менску, адзін у Маскве, іншы яшчэ тамака дзесьці, і ў прызначаны час усе мы збіраемся на сустрэчу. Як?
Прапанову дружна прынялі, і Кастусь напісаў пратакол:
Вільня, дня 19 траўня 1921 г.
Мы, ніжэйпадпісаныя, клянёмся, нягледзячы на адлегласць і жыццёвыя акалічнасці, з’явіцца на ўмоўленую «сустрэчу сяброў», у дзень 1 верасня 1922 года, а гадзіне 9-й вечаравай парою, у Менску, у Губернатарскім садзе на беразе Свіслачы, насупроць летняга тэатра «Рэнесанс».
Нез’яўленне можа апраўдаць толькі: смерць, цяжкая хвароба або турма. Іншыя прычыны будуць лічыцца за адыход ад Лучнасці Чатырох Сяброў.
Канстанты Соліч, Часлаў Г алін, Аляксандар Жалоўскі, Раман Забава.
Назаўтра Забава развітаўся з імі на віленскім вакзале. Калі цягнік рушыў, пацалаваў сяброў і па чарзе апошні раз паціснуў іх далоні.
— Будзь здаровы. Хутка пабачымся, — сказаў Алесь.
— Чакай ліст з Менска, — прамовіў Часлаў.
— Не засмучайся, Раманік. Вучыся, працуй. Усюды жыць можна, — кінуў яму Кастусь, ужо з цягніка, які рушыў.
— Шчасліва, шчасліва. Пішыце. — крычаў ім Забава.
Доўга чакаў ліста, але не дачакаўся яго. Замест ліста праз два месяцы атрымаў вестку, што трох ягоных сяброў расстралялі ў Менску, куды з’явіліся і самі аддаліся ў рукі ўладаў. Іх прыставілі да сценкі як контррэвалюцыянераў, якія прыбылі на тэрыторыю Краіны Саветаў дзеля арганізацыі «белагвардзейскіх бандаў».
«Так, нейкія падлюгі на іх крыві зрабілі службовую кар’еру», — падумаў Забава. Яму прыйшлі ў галаву словы аднаго беларуса з Вільні, які, расказваючы пра жахі ўсё яшчэ рэвалюцыйнага тэрору ў Менску, адзначыў, што «гэтым кроў беларуса што вадзіца».
Вечар быў цёмны. Вецер гойсаў па вуліцах, ляпаў аканіцамі, ламаў платы, кружыў у паветры і кідаў у твары мінакоў мокрае, халоднае лісце.
Забава пралез праз плот у сад сямейства Солічаў, бо брамка на падворак была зачыненая (не хацеў неспадзявана ўваходзіць праз парадныя дзверы). На падвор- ку спыніўся насупраць асветленых вокнаў кухні; рэшта хаты патанала ў цемры.
«Можа, хто выйдзе?» — падумаў Забава. Было яму вельмі сумна. Колькі ж гэта разоў калісьці ў гэтай хаце, пры жыцці Кастуська ладзілі вясёлыя забавы, на якіх збіралася гэтулькі моладзі. Цяпер не мог адгадаць, што робіцца за сценамі. Толькі прадчуванне казала яму, што анічога добрага.
Хтосьці ўвайшоў у кухню і стаў ля акна.
«Гэта Мікалай», — падумаў Забава, пазнаючы старэйшага брата Кастуся. Падбег да акна, ускараскаўся на дыбачкі і ціха пастукаў у шыбу. Мікалай спалохана зірнуў у акно. Прыгледзеўся.
— Хто там? — пачуў Забава ягоны голас.
— Выйдзі на якую хвілю, — адказаў голасна.
Мікалай азірнуўся ўнутр пакоя і адшчапіў акно.
— Хто там? — паўтарыў устрывожаны.
— Я. я. Раман.
— Ра-а-ман?
Сполах адбіўся на твары Мікалая, які збялеў на палатно.
— Зараз выйду. зараз. — прашаптаў.
Неўзабаве быў на падворку. Забава адчуў, што Мікалай дрыжыць усім целам — не ад холаду, але ад хвалявання.
— Скуль вы? Навошта сюды прыйшлі? Што вы рабілі?
— Я прыйшоў з Польшчы. Прынёс вам два фотаздымкі Кастуська. Думаў, што гэтым усцешыцеся.
— Ідзіце адгэтуль. Нічога не трэба. Ніякіх фотаздымкаў. Маці як вар’ятка. Пятрусь на эпілепсію захварэў. Страшэннае няшчасце. Не трэба чапаць ранаў.
— Няўжо нельга было яго выратаваць?
— Мы рабілі ўсё, што можна. Маці ў дошку разбівалася, каб выцягнуць яго з іх лапаў, але іх так там спялюшылі, што ... што мы анічога зрабіць не маглі.
— А што ў вас дома?. Навогул, што чуваць?
— Дол. магіла. Ідзіце адгэтуль. Не. Пачакайце. Дайце, калі ласка, здымкі. для сябе захаваю.
Забава сціснуў халодную далонь Мікалая.
— Да пабачэння.
— Бываце.
Прайшоў да канца прысадаў і спыніўся насупраць доўгага моста. Выняў гадзіннік.
Без пяці дзевятая.
Паволі пакрочыў назад. Пасярэдзіне алеі сеў на лаўку і стаў глядзець перад сабою. Жаласна плёскалі аб бераг халодныя хвалі ракі.
Дзевятая.
Раптам прыкмеціў углыбіні прысадаў тры мужчынскія постаці. Сэрца ягонае ўстрапянулася.
«А раптам?»
Мужчыны наблізіліся да яго. Адзначыў аднаго вайсковага ў шынялі і будзёнаўцы з вялікай чырвонай зоркай; на поясе вісеў у кабуры наган; на рукаве былі нашытыя тры чырвоныя ромбы.
«Буйная рыбка», — падумаў Забава.
З вайскоўцам крочылі два цывільныя. Адзін з іх трымаў пад пахай тоўста набіты партфель. Гучна размаўлялі.
Забава змрочна ўзіраўся ў іх. Правую руку трымаў у кішэні, моцна сціскаючы шурпатую ручку парабелума. Зняў рэвальвер з засцерагальніка, з асалодаю чуючы лёгкую, сухую, характэрную пстрычку. Тры мужчыны наблізіліся да яго.