Пяты этап - Страница 3


К оглавлению

3

Некалі чытаў дзесьці, што ў чалавечым жыцці няважных рэчаў не існуе. Кожная мае свой уплыў і пэўнае значэнне, большае або меншае. Мне здаецца, што чалавеку могуць бачыцца ў сне толькі такія рэчы, якія знаходзяцца ў нейкай сувязі, хоць і далёкай, невыразнай і заблытанай, з яго фізічнай і духоўнай існасцю, з яго густам, летуценнямі і парываннямі.

Абудзіўшыся, не мог зноўку заснуць. Падняўся, запаліў свечку і пачаў занатоўваць у дзённіку гэтыя ўражанні.

Цяпер другая гадзіна ночы. Ціша. Нішто не перашкаджае мне працаваць. Ад нейкага часу прызвычаіўся запісваць у дзённіку сваё жыццё і думкі. Спачатку гэта нудзіла. Цяпер пішу з задавальненнем. Уяўляю, што дзялюся сваімі ўражаннямі з нейкім блізкім, спачувальным сябрам, з якім вольна можна гаварыць пра ўсё.

Думку весці дзённік падказаў мне сябар, якога, на жаль, ужо няма. Я часта распавядаў яму разнастайныя фрагменты свайго жыцця, багатага на незвычайныя прыгоды. Гэта быў чалавек значна культурнейшы, хоць усяго трохі старэйшы за мяне. Тут я дадам, што чалавек той аказаў на мяне вялікі ўплыў. Для яго я адважваўся на такія рэчы, на якія сам ніколі б не рашыўся. Менавіта ён навучыў мяне вучыцца, гэта значыць, мэтанакіравана фарміраваць самога сябе. Прачытаў, згодна ягоным падказкам, шмат навуковых і навукова-папулярных твораў. Нейкі час я чытаў «нудныя рэчы» не дзеля таго, каб вучыцца, а каб зрабіць яму гэтым прыемнасць, паколькі прыкмеціў, што, абмяркоўваючы са мною прачытаныя кнігі, быў вельмі задаволены, калі заўважаў, што лёгка разумею думкі аўтара і ўмею крытычна да іх ставіцца.

Неўзабаве адчуў, як шмат карыснага атрымліваю ад тых заняткаў, і сам пачаў гарнуцца да кніг. Калі я і пашырыў трохі свой інтэлектуальны далягляд, дык у тым найперш ягоная заслуга.

Я не любіў паэзію, пагардліва адкідаў у бок усё зрыфмаванае, бо цярпець не мог паэтычнай гіпербалізацыі і штучнасці. Мой сябар здолеў абудзіць ува мне калі не замілаванне, дык пэўную цікавасць да вершаванага радка і прызнанне несумненна выдатных паэтычных твораў. Аднойчы ён даў мне творы Славацкага. Заўважыў на маім твары грымасу нездаволенасці і непрыхільнасці.

— Паслухай, як гэта прыгожа! — сказаў з запалам. — Добрая паэзія звяртаецца не толькі да розуму, але і да пачуццяў. Яна багатая рытмам, рыфмай і нават колерамі і гукамі... Калі ласка! Паслухай!

Пачаў дэкламаваць, з вялікім пачуццём, амаль не гледзячы ў кнігу, паэму Юліюша Славацкага «У Швейцарыі»:


Мае ночы з нудоты і дні з пустаты,
Калі знікла ты раптам, як сон залаты.
Гэтыя радкі зачапілі мяне за жывое.

Потым чытаў мне розныя фрагменты і ўрыўкі з іншых твораў Славацкага. У тым ліку з «Бэнёўскага»:


І бачу я, што гэта Бог багоў,
А не жукоў ды жаб, ды чарвякоў.
Захоплены нябеснаю пагоняй
Раскрыленых Ён не кілзае коней.
Ён злеплены з грымотнага агню,
Маланкамі сцябае Ён зямлю,
І, як сляза, што ўпала ў пыл дарог,
Я ніцма перад Ім, бо гэтаБог!

Гэта было нешта такое магутнае, незвычайнае, што я трымцеў у захапленні. Потым я чытаў ужо і паэзію, а некаторыя творы нават палюбіў. Наогул, пачаў чытаць уважліва і сур’ёзна. Я не чытаў усё, што трапляла пад руку або што зверне ўвагу кідкім загалоўкам, імкнуўся адшукаць творы найлепшыя, пра якія чуў ад знаёмых або даведаўся з прэсы. Не мог, праўда, усё ж адмовіцца зусім ад бульваршчыны. Была яна для мяне дэсертам, якім узнагароджваў сябе за чытанне сур’ёзных кніг. Выглядала гэта так, быццам пасля гутаркі з добра выхаванымі і разумнымі людзьмі ішоў да жанчын лёгкіх паводзінаў, каб пацешыцца і адпачыць. Час марнаваўся, што праўда, то праўда, але што зробіш.

Аднойчы ён сказаў мяне:

— Я заўважыў, што ты добра памятаеш перажыванні нават даўніх гадоў. А тыя перажыванні даволі цікавыя. Паспрабуй іх запісаць. Пішы проста, без нейкай устаноўкі, без перабольшвання і як найбліжэй да праўды. Натуральна, занадта далікатныя месцы можна абыходзіць або змякчаць.

Я адказаў, што гэта вельмі сумна, што лепш самому чытаць і забаўляцца, чым забаўляць кагосьці іншых. Наогул, — працягваў я думку, — гэта нецікава, бо тое, што адбылося, я ведаю дасканала.

— Добра — адказаў, — але мусіш пагадзіцца, што любіш апавядаць пра свае прыгоды. Найчасцей апавядаеш з запалам, і нават з захапленнем!

— Гэта нешта іншае! — адказаў я. — Тут не трэба думаць, як распавядаць. Валі з душы і канец!

Прыблізна гэтак адказаў яму. Забыўся пра іншыя, лепшыя і больш істотныя аргументы. Наогул я не ўмею спрачацца. Мушу заўсёды абдумаць тэму. Найлепшыя думкі, ёмкія і трапныя, прыходзяць мне ў галаву заўсёды пасля, калі троху зжывуся з тэмай дыскусіі.

Надышоў час, і я разлучыўся з маім сябрам, а потым даведаўся пра ягоную трагічную смерць у Саветах. Часта прыгадваў нашы размовы. Тады і ўзнікла жаданне пісаць дзённік. Можа, таму, што не стала гэткага выдатнага, як ён, сябра, суразмоўцы, не было з кім шчыра пагаварыць... Не раз назіраў, як малыя дзяўчынкі гуляюць у лялькі. Лялька ў маленькай смаркачкі абуджае большы давер, чым матуля, і яна распавядае ёй такія таямніцы, якія ніколі не расказала б бацькам. Можа, дзённік гэты заменіць мне сябра, можа, будзе для мяне «лялькай», якой можна ва ўсім даверыцца.

Дзённік я вяду ад жніўня 1921 года, або ад пачатку перыяду, які ў развагах пра сваё мінулае акрэсліваю як «пяты этап» майго жыцця. Пачынаючы з таго дня, гэта значыць — сённяшняй ночы, якую лічу канцом чацвёртага этапу і пачаткам пятага. Маю на гэта вельмі важкія падставы, якія цяпер выкладу, але перад тым невялічкае, надзвычай неабходнае адхіленне. Дадам яшчэ, што ўспаміны з папярэдніх перыядаў напішу, калі буду весці больш размераны, спакойны лад жыцця.

3