«Што за д’ябал?» — думаў Забава, вітаючыся з маладым Уладзімірам Скальскім і дзвюма старэйшымі сёстрамі Скальскага, Зінай і Маняй, якія ажыўлена гаманілі з мужчынам у чаркесцы.
— Калі ласка, пазнаёмцеся, — сказала Зіна, паказваючы на госця.
Забава невыразна назваў прозвішча. Першае, якое яму прыйшло ў галаву — прозвішча нейкага сябра з ранейшых гадоў. Пераканаўся, што лепш за ўсё, робячы для сябе фальшывыя дакументы, выбіраць прозвішча аднаго з колішніх сяброў, імя другога, месца нараджэння паказваць такое, якое ведаў асабіста, даты ўпісваць або на адзінку меншую, або на адзінку большую (калі сапраўднай датай нараджэння было 1 лютага 1900 гады, тады падаваў або 31 студзеня 1899 года — усё на адзінку меней — або 2 сакавіка 1901 гады — усё на адзінку наперад). Рабіў гэта з мэтай, каб выключыць памылку і добра запомніць дадзеныя, бо здаралася, што непрактычныя або нядбайныя людзі, карыстаючыся фальшывымі дакументамі, забывалі ўласнае прозвішча.
Мужчына ў чэркесцы таксама досыць невыразна назваў сваё прозвішча, штосьці накшталт: Тэпетаў або Шэпетаў, і не падняўся нават з месца, падаючы на прывітанне руку.
«Хам!» — падумаў Забава, і ў ягоных вачах мільганулі злыя іскры.
Мужчына ў чэркесцы па-ранейшаму размаўляў з дзяўчатамі. Гаварыў аўтарытарна, ганарыста. Сказы нібы выцэджваў, як згушчанае малако, праз зубы. Напэўна, гэта ў ягоным коле лічылася добрым тонам, бо калі забываўся, тады гаварыў як звычайна.
Уладзя Скальскі папрасіў Забаву ў суседні пакой.
— Ведаеш, хто гэта? — спытаў шэптам.
— Хто?
— Намеснік каменданта губчэка.
Забаве зрабілася крыўдна.
— Дык што з таго?
— Анічога. Я папярэдзіў на ўсялякі выпадак, бо гэта. не вельмі прыемна. Заляцаецца да Зінкі. Лазіць і лазіць.
Увечары падалі гарбату з манпансье замест цукру. Чэкіст піў са сподка; гучна сёрбаў гарачую вадкасць. Напіўся гарбаты і перакуліў шклянку на сподку донцам угару. Пачаў свідраваць вачамі Забаву.
— А таварыш, здаецца, прыезджы. гм?
— Так. з Бабруйска.
— Угум! Тэхнік?
— Так. Наглядчык тэлеграфа.
— М-м. А гэта... тут службова?
— Не. Па асабістай справе да камісара Магілёўскага паштова-тэлеграфнага вузла.
— Так! Зрабіў таварыш сваю справу?
— Яшчэ не. Але спадзяюся, што зраблю.
— Не сакрэт: якая справа. гм?
— Які сакрэт?. Жадаю перасяліцца ў Магілёў як марзіст, бо ў Бабруйску працую на лініі, а лінейная служба для мяне шкодная. Я маю слабое здароўе.
— Таварыш марзіст?. Добры? М-м-м?.
— Вядома, добры. Выхваляцца не буду.
— Колькі знакаў за хвіліну?
— Залежыць ад спрыту. Даваў ад 120 да 133.
— М-м-м .
Потым пацікавіўся, ці Забава партыйны, на што той адказаў: сочувствующий. Распытваў як арыштаванага; відаць, гэта была ягоная благая звычка. Хочучы перапыніць той допыт, Забава сам пачаў дэталёва распытваць яго пра ўсё. Чэкіст перш адказваў яму, але неўзабаве вярнуўся да размовы з дзяўчатамі. Гутарка адбывалася такім чынам, што ён гаварыў, а яны слухалі, робячы, у залежнасці ад тэмы гаворкі, адпаведныя выразы твару, якія па чарзе выяўлялі: захапленне, весялосць, жах, расчараванне.
З аповедаў чэкіста Забава даведаўся, што той сын садоўніка з Царскага Сяла.
Неўзабаве чэкіст зноў звярнуўся да Забавы:
— Ці таварыш быў на вайне, у баявых дзеяннях ці прымаў удзел?
— Не, як «спец» быў вызвалены ад службы на фронце і прыкамандзіраваны да вайсковага тэлеграфа ў Менску, — гладка хлусіў Забава.
— А я ваяваў! Так! — грукнуўся далонню ў грудзі чэкіст, пазіраючы на дзяўчыну. — Нават пад Варшавай быў. Не адзін палячышка вось гэтай рукой у зямлю пахаваны!
— Дык таварыш Польшчу трохі ведае? — спытаў Забава.
— Трохі?. Ха-ха-ха. Ведаю як сваю далонь!..
— Цікава мне, што гэта за краіна? Няўжо там добрая зямля?
— Зямля? Цьфу! Адны пяскі! Пяскі і балоты, балоты і пяскі!
— З чаго ж яны жывуць, калі гэткая неўрадлівая зямля?
— З падману! З розных сваіх фігляў!.. Гэта ж вядома, што палякі толькі з ашуканства жывуць. У карты гуляюць, рулетку круцяць, грошы падрабляюць. Хто гэтага не ведае?
— Спадар пазнаёміўся з Польшчай толькі падчас наступлення на Варшаву?
— Не, палякаў я і пасля сустракаў, бо служыў у памежным атрадзе.
— Ах, як гэта цікава! — завішчэла адна з дзяўчат.
— Таварыш напэўна і польскай мовай валодае? — спытаў Забава.
— Так! Натуральна! Ведаю дасканала! Так як расейскую. Вось да прыкладу: па-нашаму «человек», а ў іх «czlowiek»; па-нашаму «рука», а ў іх «rqka». Польская мова, гэта, уласна, сапсаваная расейская мова. Некаторыя словы так пакалечылі і павыкручвалі, што цяжка і пазнаць, што яны нашыя, рускія. Да прыкладу: «простыня», кажуць «przescieradlo»; «действительно», кажуць «rzeczywiscie». Жахліва сапсаваная мова. Уласна не мова, а гаворка, накшталт зладзейскага жаргону. Зрэшты, іхняя мова лепш за ўсё адпавядае іх характарам: яны думаюць, як бы каварства якое ўчыніць, хітрыя, любяць высмеяць, укусіць пакрыёма як гадзюкі, таму і мову маюць падобную: шыпяць ды сысыкаюць.
Далей пра Польшчу з вуснаў чэкіста Забава даведаўся, што ў Польшчы палякаў няма, а ёсць толькі: жыды, літвіны, немцы, украінцы і беларусы. А сапраўдныя палякі — малая купка — дзеляцца на дзве катэгорыі: паны і працоўныя. Паколькі паны бавяцца з танцоркамі ў Парыжы, а працоўныя сядзяць у турмах, дык палякаў у Польшчы няма зусім.
Кантактуючы працяглы час з расейцамі, Забава пераканаўся, што нават інтэлігенцыя мала ведае Польшчу. Менш чым Аўстралію або Аргенціну. Часам даводзілася чуць такія непрывабныя рэчы, такое цемрашальства, што ў душы смяяўся. Прыкмеціў і тое, што расейцы не любяць палякаў, завуць іх пагардліва: «панкі, ляхі, палячкі». Можа, гэта спадчыннае, і як спадчына пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Найменне «паляк» здаўна было ў Расеі сінонімам «бунтаўшчыка, мяцежніка». Палякі жадалі забіць цара, хацелі забраць Маскву, а калі гэта ў іх не атрымалася, дык папрасілі на дапамогу Напалеона і прыйшлі разам з ім. Палякі шырылі ў Расеі смуту, ладзілі паўстанні і рэвалюцыі, а ці гэта было за царызмам белым, або чырвоным, ці будзе яшчэ за чорным або рабым — для расейцаў усё роўна, бо лягчэй змяніць вопратку, чым скуру; лягчэй стварыць новы ўрад, чым культуру. Ксенафобія і надалей жыве ў Расеі і па-ранейшаму захоўвае сваю прыроду.