Пяты этап - Страница 37


К оглавлению

37

Адна з іх пачынаецца страфой:


З камсамольцам камсамолка На футбол усё хадзіла...
Потым мячык камсамолка Камсамольцу нарадзіла.

Заўважыў, што Юлька не мае аніякага сораму. Аднойчы ўвайшоў у іх пакой. Юлька, укленчыўшы на падлозе, мылася над мядніцай. Калі ўвайшоў, паднялася і расціраючы далонямі мокрыя грудзі, спыталася:

— Чаго вы жадаеце?

— Шчотку і гуталін. Іду ў места.

— Зараз.

Нават не захінулася ручніком, які вісеў на поясе. Як была, з голым торсам, пайшла ў кухню і прынесла адтуль шчотку і гуталін.

Калі б была дзіцём, я гэтаму б не дзівіўся, але мела 15 гадоў, і я чуў яе песенькі і размовы з сяброўкай, якія сведчылі, што была развітай дзяўчынай.

Спадарыня Жарская скардзілася:

— Пакута з той дзяўчынай, паночку! Не магу даць ёй рады. Са мной зусім не лічыцца. А ўсё муж нарабіў, што калісьці, у дзевятнаццатым годзе, аддаў у дзіцячы дом. Там з яе д’ябла зрабілі. з хлапчукамі на кулакі б’ецца!

— Чаму яе вы туды аддалі?

— Хлеба, паночку, не было. Голад. Рады былі аднаго рота пазбавіцца.

Заўважыў, што кабета сумуе па Вільні, за Польшчай, але не ведаю, як ёй параіць, каб старалася вярнуцца на бацькаўшчыну. Не жадаю без пільнай патрэбы раскрывацца, а Юлька добразычлівая да мяне, пакуль ведае, што я — савецкі службовец; калі б вынюхала штосьці падазронае (а яна даходная), дык магла б мяне выдаць. Кветка, якая вырасла ўжо на савецкім гнаі, небяспечная, атрутная.

Неяк адзін мой знаёмы сказаў:

— Няхай спадар пільнуецца! Тут нават сваіх трэба асцерагацца, бо шпіянаж увайшоў нават у сям’ю!

Так! так! Шпіянаж тут увайшоў ледзь не ў кожную сям’ю! Ведаю пра гэта добра.

Заўтра я вяртаюся ў Польшчу.


V. КУРЫЛЬНАЯ ПАПЕРА «Solali»


...

Жыццё журботнае І вельмі сумнае,

Няхай прынамсі Не будзе нуднае.

Ноч была цёмная. Зоркі, як дзяўчаты на луг, весела высыпалі на цёмнае неба і залётна міргалі залатымі вачыма.

Забава хутка крочыў наперад, бо дарога трохі падсохла, і побач гасцінца была добра пратаптаная сцяжына. Маглі, што праўда, здарыцца яму на той сцежцы не вельмі прыемныя сустрэчы, але разлічваў на добрыя дакументы, а найперш на выдатную зброю. Натуральна і ноч — даволі цёмная — была яго надзейнай хаўрусніцай. Вочы, звыклыя да цемры, асветленай бляскам зорак, бачылі мясцовасць на значнай адглегласці.

За вёскай Мядзведжына злева ад гасцінца пачуў яхканне сабакі. Спыніўся, некалькі хвілін прыслухоўваўся. Сабака ўядаў па-ранейшаму.

«Напэўна, на хутары», — падумаў. Рушыў далей.

Да брэху сабакі дадаўся звон жалезных путаў на конскіх нагах. «Пастухі з коньмі», — падумаў Забава.

Злева ад дарогі ляжаў вялікі, бясформенны, абымшэлы валун. На ім Заба­ва заўважыў застылую чалавечую постаць. Асцярожна наблізіўся. Гэта стаяў апрануты ў сярмягу падлетак, які, прапускаючы Забаву, пільна ў яго ўзіраўся. Забава быў у чорнай куртцы і цывільнай шапцы, бо вайсковую форму, занадта шырокую, аддаў на перашыў, і спадар Юзаф паабяцаў забраць яе ад краўца, калі той зробіць.

Забаву трохі здзівіла прысутнасць адзінокага хлапчыны на тым камені, але пашыбаваў далей, не надаючы гэтаму вялікага значэння. Неўзабаве пачуў ззаду моцны свіст.

«Ого, сігнал!» — падумаў Забава, дастаючы рэвальвер і азіраючыся.

Налева ад гасцінца цягнуліся шырокія прасторы палёў, і адразу пры дарозе страката струніліся вузкія палоскі сенажацяў, дзе-нідзе адмежаваныя ад яе кустамі. У тым месцы дарога цягнулася па краі высокага адхону... Забава заўважыў на ім тры постаці ў сялянскіх світках, што беглі ў кірунку гасцінца. Адна з іх пасунулася наперад, імкнучыся адрэзаць Забаву дарогу спераду. Забава запаволіў крокі...

Калі першы селянін быў ужо блізка дарогі, Забава скокнуў да яго, двойчы стрэліўшы над ягонай галавой і крыкнуў:

— Лягай!

Селянін спыніўся знямелы. З рук выпаў абрэз. Два ягоныя хаўруснікі завярнуліся і на ўсю моц прыпусцілі назад. Забава некалькі разоў стрэліў, крычучы: «стаяць!», але тыя ўцяклі.

— Ты што хацеў? — спытаў у селяніна, які проста трымцеў ад страху. Гадоў яму было пад трыццаць.

— Мы... мы... таварышу... Мы пастухі...

— Бандыты, суччыны дзеці, а не пастухі!

— Не, таварышу... мы з коньмі...

Забава ўрэзаў яму кулаком з заціснутым рэвальверам у твар. Селянін захінуў галаву рукамі. Забава стукнуў яшчэ раз. Селянін з енкам цяжка зваліўся на дарогу. Забава падняў з зямлі абрэз і пайшоў далей, пакінуўшы чалавека, які качаўся на дарозе ад болю. Неўзабаве сышоў з гасцінца і праз палі пашыбаваў убок нябачнага ў цемры лесу. Калі апынуўся над возерам, шпурнуў абрэз у ваду. Затвор кінуў у возера ў іншым месцы.

«Пастухі! — думаў Забава. — Адважныя хамы, бач ты на іх — дарогу заступаюць».

У лесе пад Старым Сялом спыніўся ля тэлеграфнага слупа побач гасцінца. Ад таго слупа скіраваў у лес. Зрабіўшы некалькі крокаў паміж дрэвамі, знайшоў зламаную лапу яліны і зняў з дрэва мяшок са шкуркамі.

Паблізу гасцінца дастаў шкуркі з мяшка. Пачаў шчыльней іх скручваць, прыціскаць каленямі, каб як менш занялі месца. «Цікава, колькі гэта каштуе?» — не выходзіла з галавы думка.

Далей пакрочыў павольней, пільна прыглядаўся да дарогі, да наваколля. Меў на сабе цяжар, таму належала асцерагацца сустрэчы з узброенымі людзьмі. Ісці было цяжкавата. Часта адпачываў. Дзе-нідзе сыходзіў з дарогі і крочыў узбоч яе... Зразумеў, што да світанку не здолее перайсці мяжу, таму не спяшаўся. Вырашыў задняваць у лесе.

Маючы тавар, нідзе па лесе не блукаў. Зашыўся ў нейкае балота і там, на маленькай выспе, уладкаваўся на дзень. На тым узгорку расло некалькі бярозак і вытыркалася адна яліна, зламаная бурай на вышыні метра паўтара над зямлёй; вершаліна ўтварыла штосьці накшталт доўгага будана. Забава ўлез усярэдзіну і прыхаваў там мяшок са шкуркамі.

37