Пяты этап - Страница 39


К оглавлению

39

На мяжу Забава прыцягнуўся пасля шматгадзіннага блукання па бездарожжы. Яшчэ раз пераканаўся, як лёгка можна заблудзіцца ў лесе ў пошуках «добрай дарогі». У такіх выпадках лепш за ўсё ісці па компасе, наўпрост, а не шукаць зручнага шляху. Менавіта такім спосабам, увесь час ідучы на захад, Забава выйшаў на мяжу, калі ўжо зусім страціў надзею знайсці гасцінец. Не заўважыў папярэдне адной драбязы: тое, што некалькі гадзін таму палічыў за паляну, праходзячы праз яе на другі бок, і было гасцінцам з утравелымі каляінамі. Таму і стаў круціцца і блукаць, аддаляючыся ад яго ўсё больш і больш.

Мяжу пазнаў па межавых слупах, але быў здзіўлены, убачыўшы перад ёй густую сцяну калючага дроту. Знайшоў паблізу доўгі дрын. Намерваўся, абапіраючыся на яго, бяспечна перайсці на другі бок перашкоды. У нейкі момант адзін з дратоў выслізнуў з-пад ступакоў, і Забава ажно па калені праваліўся паміж дратамі, а тулавам перакуліўся назад так, што галавой і рукамі датыкаўся зямлі. Пачаў выкарасквацца з жалезных кіпцюроў, у якія нечакана патрапіў, але заблытваўся яшчэ больш. Зразумеў, што павінен захаваць як найбольшы спакой, калі жадае хутка выбрацца. Выняў рукі з рукавоў і ўжо цела вызвалілася напалову. Пачаў вызваляць ногі, што было вельмі цяжка.

«Добра б я выглядаў, калі б падышлі бальшавікі!» — падумаў. Але ніхто яму не перашкодзіў і ён неўзабаве выбраўся з пасткі, хоць адзежу падраў на шматкі і скрывавіў рукі і ногі. «Нібы сабакі дзёрлі!» — са злосцю сказаў самому сабе.

Неўзабаве перабраўся на другі бок перашкоды. Пайшоў уздоўж мяжы. Дабрыў да межавых слупоў. Спыніўся побач таго, на якім быў змешчаны дзяржаўны герб Польшчы. Пляснуў яго далонню і сказаў: « Здароў!»


* * *

У тую хвіліну, калі Забава на мяжы вісеў галавой уніз на перашкодзе і намагаўся выблытацца з калючага дроту, у падвале ЧК, у Менску, Антон Кралевіч спрабаваў, трымаючыся рукамі за краты, прасунуць ногі. Пралезці наперад галавой не спадзяваўся, бо не меў апоры для ног.

Пасле вялікіх і марных намаганняў пераканаўся, што краты занадта вузкія і саскочыў з акна.


ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ 12 кастрычніка 1922 г.

(У цягніку з Маладзечна да Баранавіч)

Пасля вяртання з-за мяжы я спыніўся ў Ракаве, у Малкі.

Захапляюся ёю! Як гэтая жыдоўка можа апрануць і пракарміць сама сябе і пяцёра дзяцей, маючы гэткую нэндзную карчму, у якой дагэтуль аніякіх гасцей я і не сустрэў? Снуе з пакоя ў пакой, тоўстая, як пярына, говорачы штосьці камічным габрэйскім акцэнтам. Заўсёды вясёлая. Заўсёды дзейсная — нават уначы. Увесь час нешта шые, чысціць, мые, гатуе... Дзетак сваіх заве «дыяментамі». Калі спытаў яе, ці багатая, адказала, паказваючы на дзетак:

— Уй, спадарочку, я багатая! Вельмі багатая! Гэта мае дыяменты!

Заўважыў, што ў габрэйскіх сем’ях дзеці больш паважаюць бацькоў, чым у хрысціянскіх. Рэдка здараецца, каб у сям’і габрэяў дзеці кінулі старых бацькоў, а ў сялян і мяшчан-хрысціян — гэта надараецца. У габрэяў сям’я больш з’яднаная, чым у нас.

Калі днём я пайшоў да камандавання мытнага батальёна па дакументы, прыкмеціў на Букраўцы мужчыну старэйшага веку, які, як разміналіся з ім, уважліва прыглядаўся да мяне. Я не звярнуў на яго вялікай увагі і пайшоў далей. Калі Букраўкай вяртаўся ў горад, убачыў двух паліцыянтаў, што ішлі мне насустрач. Захоўваючы ўсяляк асцярогу, наблізіліся да мяне і запатрабавалі дакументы, былі пільныя, каб замест пасведчання я не выняў з кішэні рэвальвер... Абодва трымалі правыя рукі ў кішэнях, а пальцы пэўна ж на рэвальверных курках. Я падаў ім службовае пасведчанне... Падзякавалі і прабачыліся. Спытаўся ў іх:

— Вас, напэўна, напусціў на мяне шляхцюк, які тут праходзіў паўгадзіны таму?

Пацвердзілі. Я ўспомніў, што гэта быў той самы шляхцюра, на якога нацкаваў мяне ў Воўкаўшчыне Адам Каліноўскі і якога хацеў застрэліць на ягоным падворку.

У Воўкаўшчыне браты Юзаф і Браніслаў Каліноўскія прывіталі мяне на двары, заяўляючы:

— Адам звар’яцеў!.. Што рабіць?..

Пайшоў з імі ў пакой, дзе на ложку ляжаў Адам. Быў апрануты. Ляжаў ніцма і няспынна лупіў кулаком у біла драўлянага ложка... Пазнаў мяне адразу і зрабіў братам знак рукой, каб выйшлі з пакоя. Потым сеў і сказаў умольна:

— Схадзі, пан, да Меляховіча!

— Навошта? — здзівіўся я.

— Каб пагаварыць з Люцыяй.

Пазней ад ягоных братоў даведаўся, што Меляховіч мае трох дачок. У малодшую, Люцыю, Адам закахаўся і хацеў узяць з ёй шлюб перад выездам у Амерыку да сваякоў, якія намерваліся ў хуткім часе даслаць яму «шыфратэлеграму». Бацька Люцыі на шлюб не згаджаўся. Каліноўскія, як я зрабіў выснову, таксама былі супраць. Вось якраз ад усяго гэтага Адам звар’яцеў... Потым я разважаў над тым, як, паддаючыся на ўгаворы вар’ята, ледзь не нарабіў бяды. Праўда, быў я п’яны, але павінен больш крытычна ставіцца да фантастычных аповедаў Адама пра ўбачаных ім у сутарэннях хаты Меляховіча людзей... А можа, я таксама вар’ят, у якога вар’яцтва выяўляецца, калі нап’юся?

Увечары, паводле просьбаў Адама і братоў Каліноўскіх, пайшоў да Меляховіча. Папрасіў у яго прабачэння, растлумачыў усё. Гаварылі пра рознае. Меляховіч выявіўся практычным і прагрэсіўным гаспадаром, хоць меў і абмежаваныя магчымасці. Падпісваўся нават на нейкую газету, што ў беларускай вёсцы рэч незвычайная. Пазнаёміўся і наўмысна зацікавіўся ягонай дачкой Люцыяй. Даволі сімпатычная, але я не мог зразумець, што незвычайнага знайшоў у ёй Адам, які з кахання да яе звар’яцеў.

Меляховіч пастаянна выказваў гасціннасць і ветлівасць. Ставіўся да мяне, як я заўважыў, з асцярогай. Калі я ўсоўваў руку ў кішэнь, позіркам суправаджаў яе.

39