Той самы Максім Горкі ў адным з першых сваіх твораў, «На дне», напісаў, калі не памыляюся, так: «Чалавек — гэта гучыць горда!» Тымі словамі Горкі сказаў найбольш, і гэта мне вельмі падабалася. Так: чалавек — гучыць горда! І нельга перамяняць яго ні ў каня, ні ў фабрычную шрубку, ні ў рэкламны плакат, ні ў блазна гарохавага! І тыя, хто гэта робяць, робяць злачынства!.. Таму смяяцца хочацца, калі гэта робяць «сацыялісты» або «камуністы».
Напрыканцы хачу дадаць, што менавіта пытанне: як жыве ў Саветах «чалавек» — найболей мяне цікавіць. Лепш за ўсё пераканацца самому, убачыць на ўласныя вочы: ці насамрэч там чалавек «гучыць горда», ці «вольнасць, роўнасць і братэрства» ёсць элементам жыцця, ці гэта з’яўляецца толькі блефам камуністычных маніфестаў. Цікава мне, няўжо пасля бліжэйшага знаёмства з Саветамі Горкі, адзін з маіх улюбёных пісьменнікаў, які па-ранейшаму такім і застаецца, страціць свой прэстыж і з песняра моцнага і прывабнага чалавека пераменіцца ў прапагандыста падазронай рэвалюцыі, у капрала бальшавіцкай агітацыі, служку на ўтрыманні Масквы. Так: Масквы. Тады гэты пралетарскі пісьменнік будзе для мяне толькі акцёрам, які спраўна выконвае ролю рэкламнага агента, што запрашае ў краму легкадумных мінакоў, каб яны там адведалі страву, якая ідэалагічна дрэнна пахне.
Не ведаю, ці хутка здолею сам сабе адказаць на гэтае пытанне. Можа, толькі напрыканцы пятага этапу. А якім доўгім будзе той этап і ці хутка прыйду да ягонага канца? Не ведаю.
Світае.
А ноч на небе змрочная, глухая,
І дух жывы ў аблоках не лятае,
І хмары плачуць, і раса імжыць,
І цемра ў долах мёртвая ляжыць.
Не, не знайсці дарогі ў гэтай ночы,
Ні кроку прад сабой не бачаць вочы,
І ўсё наўкол нібыта незнаёма,
І лепш нікуды не выходзіць з дому.
Дагэтуль усё складваецца дрэнна. Я быў змушаны, каб не вяртацца, зрабіць па чыгунцы, на ўласны кошт, вялікі круг, едучы са Стоўбцаў да Баранавіч, адтуль да Ліды і да Маладзечна, а потым да Аляхновіч. Усё гэта сталася з прычыны нядбайнасці тых людзей, абавязкам якіх было вызначыць мне дарогу. У мяне засталося ўсяго 5 тысяч марак, таму не стаў выдаткоўваць апошнія грошы на фурманку, пайшоў пехатою са станцыі Аляхновічы да Ракава — а гэта 21 кіламетр. Дарогаю адарваўся падносак і, як я прыйшоў у Ракаў, адразу зайшоў да шаўца. Ён агледзеў чаравік і стаў яго рамантаваць. Выгляд меў даверлівы. Каб выведаць хоць што-небудзь пра памежнае жыццё, я сказаў яму, што хачу з Ракава прабрацца праз мяжу ў Менск, дзе ў мяне жывуць сваякі і дзе жадаю ўзяць метрычнае пасведчанне, без якога ў Польшчы не магу атрымаць пашпарт.
Шавец трапіўся гаваркі. Шчыруючы ў працы, апавядаў шмат цікавых, невядомых мне падрабязнасцей пра мяжу і пра Саветы. Дэталёва расказаў мне пра дарогу да Менска. Гэта якраз мяне і цікавіла. З ягоных слоў даведаўся, што Менск ад Ракава аддалены на 33 вярсты, гэта калі ісці ўздоўж гасцінца. Ад Ракава да самой мяжы — усяго паўтары вярсты дарогай. Праз пяць вёрст ад мяжы першая вёска, Краснае. Далейшы шлях не буду апісваць, бо гэта нецікава.
Шавец, добры чалавечак, раптам не пажадаў узяць ад мяне платы за прыбіццё падноска, бо я напачатку сказаў яму, што з грашыма ў мяне дрэнна. Сказаў, што заплачу яму, як вярнуся з-за мяжы. На гэтым і дамовіліся. Я пакіраваў да камандавання 29-га мытнага батальёна.
Дарогу распытваў у мінакоў, якія досыць падазрона, і можа нават баязліва, пазірквалі на мяне. Нечакана ўбачыў шыльду казіно. Па нейкіх разгайданых, як клавішы раяля, прыступках я ўскараскаўся наверх і ўвайшоў у памяшканне... Казіно тое дакладней належыла б назваць адрынай. Гэта была вялікая, цёмная, бедна мэбляваная зала, з падлогай, заскарузлай ад бруду. Памяшканне падзялялі павапнаваныя перагародкі. Якраз за прылаўкам я заспеў уладальніка казіно, які быў адметны тым, што пры вельмі малым росце і поўнай адсутнасці валасоў на галаве меў вялізазныя рудыя вусы. Побач з ім убачыў босую, неверагодна брудную дзеўку. За адным са столікаў заўважыў ваеннага капрала, які, паклаўшы на рукі ўскудлачаную галаву, хроп на ўсе завараткі.
— Можна папалуднаваць? — задаў я пытанне, набліжаючыся да буфета.
Гаспадар вырачыў на мяне вочы, адначасова варушачы вяхоткамі вусоў. Быў ён, не ведаю чаму, гэтак здзіўлены, быццам я папрасіў яго падсмажыць мне месяц. Дзявуля выставіла пышныя грудзі і разявіла рот, гледзячы на мяне бязвейкавымі свінымі вочкамі. Пасля працяглых перамоў для мяне падсмажылі кавалак мяса з бульбай і налілі шклянку гарэлкі.
Становішча маё было наступным: калі заплачу за ежу тысячу, застанецца 4 тысячы марак. Савецкіх грошай не маю зусім, таму буду змушаны ісці з польскімі; можа, у Расіі абмяняю іх на савецкія. Не ведаю, як мне пашанцуе далей і як выканаю выпрабавальнае заданне, якое ведаю напамяць... Нават зброі не маю. Што праўда, ёсць у мяне вялікі нямецкі «спружыннік», але гэта благая зброя там, дзе можна мець дачыненне з вінтоўкамі. Апрача таго маю лісты і адзін фотаздымак.
Гэткія мае матэрыяльна-тэхнічныя «сродкі» для выканання задання!.. Як вам фільм, га? Нават адзежыны адпаведнай для Саветаў не маю. Яшчэ шавец звярнуў маю ўвагу, што: «То, тамака, не таго!» Але я. таго: пасвістваю на гэта. Неяк там будзе, ліха на яго!
Смяротная трывога ахапіла зямное жыццё, паўсюль відаць сляды рабскага прыніжэння.