Дзень перачакаў у лесе, паўночней гасцінца. Яму вельмі хацелася спаць, але не ведаючы наваколля, асцерагаўся, каб яго не ўхапілі, калі засне. Пасля страляніны сённяшнім досвіткам мяжа і памежжа на гэтым адрэзку будуць узмоцнена вартавацца і патрулявацца.
Блукаў па лесе. Вывучаў лясныя сцяжыны. Некалькі разоў выходзіў на ўзлесак. Нарабіў на карце гэтага адрэзку мяжы некаторыя папраўкі, бо заўважыў на ёй гэтулькі недакладнасцей. Лушчыў арэхі, збіраў познюю маліну. Толькі пад вечар зноў выйшаў на гасцінец.
У лесе было ўжо цёмна, а на дарозе і ў полі толькі пачало змяркацца.
Калі наблізіўся да «другой лініі», сышоў уніз з пагорка па шырокім, звілістым, парослым маладымі елкамі адхоне. Паслухаў, паглядзеў, на колькі сягаў зрок, на прасторную сенажаць і, карыстаючы з кожнага прыкрыцця на мясцовасці, сышоў на бераг звілістай рачулкі. Доўга шукаў броду. У адным месцы заўважыў зламаную, старую вярбу, перакінутую над вадой. Доўга паўзіраўшыся і пераканаўшыся, што паблізу нікога няма, перабраўся на другі бок і неўзабаве зноў увайшоў у лес.
Паволі сунуўся наперад, уважліва ловячы вухам кожны шоргат. Прамінуў некалькі добра вытаптаных сцежак паміж мяжой і «другой лініяй». Усё сведчыла пра тое, што мяжа на задняй лініі таксама добра ахоўваецца. Уважліва вывучаў усё наваколле. За кожным кустом магла быць засада, на кожным кроку яго чакала небяспека, у любую хвіліну яго маглі сустрэць стрэлы.
Амаль гадзіну змарнаваў, каб прамінуць без малога вярсту паміж «другой лініяй» і глыбокім ярам, які ўклініўся па межавой паласе да самой мяжы. Доўга сядзеў пад старой ялінай, над берагам яра, слухаючы плюскат вады ўнізе, дзе бруілася ў капрызных паваротках рачулка. Навокал было ціха. Пачаў павольна ссоўвацца ўніз. Некалькі разоў спыняўся і ўслухоўваўся. Раптам зачапіў нагой камень, які пакаціўся ўніз. Забава спыніўся.
Праз некалькі імгненняў пачуў гучны воплеск вады і амаль адразу... стрэл, а потым другі. Даляцелі воклічы: «Стаяць!», «Хто ідзе?..», «Стой, стой!» Забава, карыстаючыся вэрхалам унізе, спрытна і ціха ўскараскаўся назад на бераг яра. Праслізнуў ягоным ускрайкам на 200—300 крокаў далей, бліжэй да гасцінца. Перад ім раскінулася шырокая адкрытая прастора. Гэта была прасека, пасярэдзіне якой і праходзіла мяжа, а за ёй віднелася чорная сцяна лесу. І гэта быў ужо польскі бок.
Сагнуўся і без пярэдыху пабег. Бег, колькі мог, аж пакуль не апынуўся на мяжы. Ззаду ў цемры чуліся крыкі і стрэлы чырвонаармейцаў, якія ўсё яшчэ палявалі на неіснуючых там, як думалі, кантрабандыстаў.
Забава, цяжка дыхаючы, паглядзеў на межавыя слупы. Стаялі на невысокіх капцах, з дзяржаўнымі гербамі і нумарамі. Стаялі ціха, панура, нібы барацьбіты-спартсмены, якія засяроджана ацэньваюць свае сілы перад пачаткам паядынку. Спыніўся паміж імі і глядзеў у кірунку чорнай сцяны лесу. Учарашняя ноч і сённяшні дзень навучылі яго іншымі вачамі глядзець на мяжу, дарогу да яе і ўсё, што было з ёй звязана. Зразумеў, што перад ім яшчэ шмат таямніц, што доўга яшчэ будзе вымушаны набірацца вопыту, перш чым навучыцца лёгка чытаць у таямнічай кнізе мяжы і памежжа. Бо пакуль што ён толькі пачаў вучыць алфавіт. Пачуваўся аточаным невядомымі, хітра замаскіраванымі ворагамі. Ускінуў угару руку са зброяй і пагразіў камусьці нябачнаму, схаванаму ў цемры.
З-за лесу, як злодзей з-за плоту, вызірнуў адным рогам месяц і, нібы зачапіўшыся за верхавіну хвоі, спыніўся. І нібы агледзеўся навокал. Забаву падалося, што нібыта месяц паглядзеў на мяжу і заўважыў там штосьці страшнае, ад чаго жахнуўся, хацеў схавацца назад за верхавіну, але было запозна, таму адчайна адштурхнуўся ад хвоі і, ныраючы ў халодных аблоках, марудна паплыў угару. Там схаваўся за вялікай хмарай.
У той час, калі Забава страляў у чырвонаармейцаў, у Менску, у першым «падвале» ЧК капітан Антасевіч «Крот» затаіўся пры дзвярах сваёй камеры, чакаючы, каб чырвонаармеец, які перад зменай пералічваў арыштаваных, іх адамкнуў. У руцэ Антасевіч меў камень. Вялікі, цупкі. План яго быў просты і адважны; ён верыў у перспектыву поспеху.
У калідоры грукнулі адны дзверы, другія, трэція. «Крот» нахіліўся. Дзверы з рыпам расчыніліся насцеж. З’явіўся чырвонаармеец з вялікім ліхтаром у руцэ. І тады «Крот» скокнуў наперад. Са страшнай сілай адным ударам каменя разбіў галаву жаўнеру, які цяжка, бы мяшок пяску, паваліўся на падлогу калідора, губляючы ліхтар і ключы. «Крот» уцягнуў яго ў камеру і пачаў здымаць з яго шынель, шапку і боты, каб пераапрануцца і выйсці на падворак.
Калі Забава страляў ва ўзброеных людзей, якія з’яўляліся ў дзвярным праёме будынка, «Крот» ішоў з ліхтаром і ключамі, пераапрануты пад каравульнага, у кірунку выхаду з падвала ЧК. Абмінуў пастаўлены ў калідоры стол і двух салдат, якія драмалі пры ім. Не звярнулі на яго ўвагі.
Выйшаў да лесвіцы. У гэты момант наверсе адчыніліся дзверы і ў іх паказаўся намеснік каменданта ЧК Бараноў, у суправаджэнні трох чэкістаў. Ішлі ўніз. Бліснулі ліхтары. «Крот» ішоў уверх. Сустрэліся пасярэдзіне сходаў. «Крот» хацеў абмінуць іх.
— Чаму ты сыходзіш з паста? — спытаў Бараноў.
— Я зараз. — невыразна адказаў «Крот».
— Гэта ж «Крот»! Стой! — крыкнуў адзін з чэкістаў. «Крот» схапіў за кабуру, дзе быў наган, павешаны на поясе чэкіста; яму ўдалося вырваць зброю, але наваліліся трое. Пачалося змаганне. Прыбеглі чырвонаармейцы. Доўга не чыкаліся — прагучалі тры стрэлы. Уцякач сканаў.
Так скончыў жыццё «Крот» — Антасевіч — на чорных, брудных сходах падвала ЧК.