Не пісаў ад 1 верасня, хоць меў так шмат уражанняў. Знаёмствы мае штодня пашыраюцца. Усяго тройчы быў за мяжой (сёння раніцай вярнуўся з выведкі), а новых знаёмых магу лічыць на дзясяткі. Распавяду пра іх пасля.
Сёння на польскім баку здарылася ў мяне прыгода. Увечары выправіўся пехатою з Ракава ў Воўкаўшчыну. Гэта блізка, усяго 5 вёрстаў. За тры вярсты ад Ракава ляжыць даволі вялікая вёска Бузуны. Калі ўвайшоў у тую вёску і абмінуў некалькіх хат, з брамкі аднаго двара выскачыў вялікі, чорны сабака і кінуўся да ног, хочучы грызануць. Не цэлячыся, стрэліў з браўнінга, «сямёркі», які трымаў у кішэні пад левую руку. Сабака адчайна заекатаў, вярнуўся на падворак і пачаў там то выць, то пранізліва вішчэць.
Я ішоў далей. Ноч стаяла светлая. Месяц выкаціўся на неба, але ў вёсцы было цёмна. Вуліца ўяўляла сабой штосьці накшталт яра, на дне якого ўздоўж адхонаў цясніліся хаты. Пад нагамі чвякала суцэльнае балота, з якога дзе-нідзе вытыркаліся, замест ходніка, камяні і дошкі. Відаць, па іх вяскоўцы скакалі і балансавалі, ідучы вуліцай. Я спачатку пераскокваў з каменя на камень, але бачачы, што гэта толькі замаруджвае шлях, боты ж і так меў заляпаныя, пайшоў проста пасярод дарогі. Быў здзіўлены, калі заўважыў, што лягчэй ісці тут, дзе лужыны; было менш балота. Таму шлэпаў напрасткі.
Ззаду, з цемры чуліся злосныя, усхваляваныя галасы. Нейкія людзі ляпалі ў вароты, дзверы і вокны, выгукваючы па імю: «Андрэй! Дзмітрук! Тамаш! Мікіта!». Я зразумеў, што сяляне збіраюць хеўру, каб зладзіць на мяне паляванне — адпомсціць за падстрэленага сабаку. Прыспешыў крок. Праз некалькі хвілін за мной з’явіўся людскі натоўп.
Канец вёскі быў блізка. Мне рупіла акурат пра гэта. Я мог бы звярнуць управа або ўлева, але не хацеў выходзіць на невядомую мне мясцовасць. Ведаў, што на пагорку побач дарогі, паблізу вёскі, ляжыць ва ўпадзіне вялікі камень — даволі зручнае месца для абароны. Я прыкінуў — мясцовыя сяляне маглі мець агнястрэльную зброю, якой даволі шмат накралі і пахавалі падчас вайны і рэвалюцыі. У кожнай вёсцы можна было знайсці некалькі, а можа, і дзесяткі абрэзаў.
Калі выйшаў за вёску, ззаду паўмесяцам атачыў мяне густы ланцуг сялян. Імкнуліся перарэзаць мне дарогу. Пачуліся галасы: «Гэй, ты! тамака! Чакай, ну!» Я крочыў усё хутчэй. Дабраўся да каменя. Развярнуўся да маіх пераследнікаў і некалькіх разоў стрэліў з браўнінга і парабелума. Чакаў адказу, але ніводны стрэл не пачуўся з іхняга боку. Заўважыў у полі толькі адзінокія постаці сялян, якія давалі лататы да вёскі.
Я прыкмеціў даўно, што сяляне жорсткія і любяць здзекавацца з палонных — злодзеем або якім-небудзь бандзюком-уцекачом, асабліва калі іх шмат, а ахвяра слабая і безабаронная. Але яны вялікія баязліўцы, калі сустрэнуцца з сілай, адвагай, упэўненасцю ў сабе. Умеюць альбо здзекавацца, калі іхняя перавага відавочная, альбо подла выцікоўваць, як бы ўкусіць, калі адчуваюць хоць бы найменшую рызыку. Прыніжаюцца і агідным чынам ліслівяць моцнаму, нават тады, калі той ад іх анічога не патрабуе і калі гэта ні да чаго не прывядзе.
У Воўкаўшчыне я вырашыў выспацца. Пачаставалі мяне, як звычайна, яечняй, якая сёння мне падалася выключна смачнай. Калі ўсе разышліся, пачаў, нягледзячы на стому, пісаць дзённік.
Дзесяць дзён таму, перш чым пайсці за мяжу, бачыў цікавы сон. Я стаяў самотны адзінокі на шырокім полі, свежа заараным у вялікія цёмныя скібы. Зямля была чорная. Неба нада мной шэрае, каламутнае і толькі ў адным месцы над небакраем было трохі яснейшае. Тая светлая паласа пашыралася ўсё больш і больш — быццам паўзла ўгару і раптам, нібы з нейкай ямы, выплыў месяц. Вялікі, светлы. Падымаўся ўгору вельмі хутка. Спыніўся. Раптам я заўважыў, што месяц мае чорныя вусы, закручаныя ўверх а-ля Вільгельм ІІ, чорныя вочы і бровы. Я здзіўлена пазіраў на гэтую праяву. Месяц жа са злосцю глядзеў мне ў вочы, пагрозліва моршчыў лоб і сцягваў бровы. Было мне цяжка. Пачуваўся адзінокім і безабаронным. Калі прачнуўся, засталося ўва мне пасля сна нейкае непрыемнае пачуццё. «Напэўна, гэтая выведка не пройдзе мне шчасліва, — падумаў я. — Здарыцца бяда». Быў амаль упэўнены ў гэтым. Але, уявіце сабе, усё мне спрыяла. Я зусім не блукаў. Ніякіх перашкод не меў. У Менску, Гомелі, Бабруйску ўсё было нармалёва. Вярнуўся таксама шчасліва. Вось вам і сны.
У Гомелі апынуўся на невялікай гулянцы, зразумела з самагонкай, за якую плаціў я. Было там некалькі вайскоўцаў, двое цывільных — савецкіх чыноўнікаў — і тры жанчыны, супрацоўніцы нейкай савецкай установы. Пілі і жартавалі, не саступаючы мужчынам, і паводзілі сябе больш пахабна, чым вулічныя дзеўкі. Заўважу, што гэта быў дзень нараджэння майго асведамляльніка. Вось там, «у сваім коле», пачуў новыя куплеты, якія даволі добра спяваў адзін з вайскоўцаў. Прывяду тут строфы, якія засталіся мне ў памяці:
Лёва Троцкі — генерал,
Літаратар і палітык.
У яго нястрымны шал:
Ён паэт, філосаф, крытык.
То спявае пра траву —
То касой па той траве.
Кожны мае галаву,
Лёва Троцкі мае дзве.
Надта выхвалялася спевам (больш не мела чым) адна з сябровак; брыдкая, па-мужчынску астрыжаная і якая на 90 працэнтаў нагадвала мужчыну. Спявала пад акампанемент гітары «Жаночае раўнапраўе».
Маня будзе камісарам, камісарам, камісарам,
Таня будзе сакратарам, сакратарам, сакратарам.
Пакуль што мая праца нудная і нецікавая. Незвычайных прыгодаў няма — ні самалётаў, ні падводных лодак, ні каркаломных пагоняў, ні кіламетровых падкопаў, ані ўскрыцця незгаральных сейфаў. Цяпер я інакш на ўсё гэта гляджу. Цікава, як будзе далей. Людзі любяць, каб іх падманвалі. Услаўляюць хлусню. Жыццё гэта не кіно, не фільм і не сенсацыйны раман. Там мужчына, пераапрануты пакаёўкай, падслухоўвае вялікія дзяржаўныя таямніцы, а ў жыцці: у цягніках, установах, на вакзалах — усюды плакаты: «Болтун — находка для шпиона». Мая праца — праца чорнарабочага выведкі. І я часам так напакутуюся за мяжой, што вырашаю кінуць гэты занятак, як нецікавы і нявыгадны — колькі той платы; калі ж па вяртанні і кароткім адпачынку падумаю пра яе, дык адчуваю дрыжыкі і зноў хочацца мне як хутчэй ісці туды, дзе рызыка. Магчыма, мяне пакуль што забаўляе навізна, а магчыма, засмоктвае звычка.