Пяты этап - Страница 29


К оглавлению

29

Вярнуўся Уладзік, і гутарка перайшла на іншае. Мяне заўсёды цікавілі меркаванні Палкоўніка пра людзей, паколькі былі каларытныя, шчырыя, і найчасцей надзвычай трапныя. Я дзялю людзей на вельмі нешматлікія катэгорыі, але і гэта не заўсёды. Бачу чалавека, ён падаецца мне культурным і высакародным. Пазнаёмлюся з ім бліжэй — звычайны, нудны; яшчэ бліжэй яго спазнаю — выявіцца, што гаваркі, таварыскі, бескарыслівы. Гэтак працягваецца вельмі доўга і кожны раз той самы чалавек здаецца мне іншым. Што да майго стаўлення да людзей наогул, акрэслю коратка: у мяне чалавек, нягледзячы на нацыянальнасць, веравызнанне, адукацыю, пасаду, заможнасць, выгляд, тады нечага варты, калі жывучы ў пэўным асяроддзі, не шкодзіць блізкім з таго асяроддзя, але ў меру сваіх сіл і таленту стараецца быць для іх карысным. Гэта здаецца самай справядлівай адзнакай каштоўнасці чалавека, адносна да групы, да якой непасрэдна прыналежыць.

Я прыкмеціў за сабою, што маю ўсё большую цягу да авантурніцтва. Часам гэта пераходзіць усе разумныя межы. Дайшло да таго, што пачаў правакаваць скандалы нават цвярозы.

Палкоўнік, які быў сведкам аднаго сапраўднага дэбоша, учыненага мною на рынку, паведаміў пазней, што жадае пазнаёміць мяне з пэўнымі жанчынамі. «Не такімі як твая Лёлька, — дадаў неўзабаве, маючы на ўвазе маю выпадковую палюбоўніцу, — толькі з такімі, якія могуць станоўча паўплываць на цябе, бо ты робішся дзікім». Увечары ён узнавіў прапанову пайсці ў тое, як выказаўся, лепшае таварыства. Уладзік яго падтрымаў. Гэта мяне раззлавала:

— Што значыць «лепшае таварыства»? Не жадаю быць ціхмяным і добранькім. Хачу быць горшым.

Увечары пайшоў да Лёлькі і ў гатэлі, дзе яна стала жыве, закаціў гэткі скандал, учыніў такое буянства, са стралянінай, ламаннем мэблі і біццём шыбаў, што здарэнне прызналі вартым афармлення паліцыйскага пратакола. Паперу накіравалі майму начальніку... Ат, мне ўсё адно.

У гэтай Лёлькі я, сам таго не жадаючы, забіў вожыка. Яна па ім гэтак плакала і мне самому зрабілася вельмі шкада ні ў чым непавіннага звярка. А здарылася наступнае. Пасварыліся мы з-за драбязы, з-за поўнага глупства. Яна ў пасцелі пачала дэманстраваць ногі, залётна пытаючыся: «Ну як, прыгожыя?» Я скрывіўся: «Што тут прыгожага? Лапы як лапы». Яна ў адказ засмяялася і спытала: «А чаму так ты горнешся да іх?» Не ведаю чаму, але гэта мяне раз’юшыла. Слова за словам — пачалася сварка. Сказаў ёй штосьці крыўдлівае. Страшэнна абурылася і пачала спіхваць мяне з ложка. Я устаў, сцягнуў коўдру, разаслаў яе на падлозе, паклаў пад галаву некалькіх кніг і накрыўся сваім плашчом. Амаль заснуў, калі пачуў, што каля мяне штосьці поўзае і варушыць плашч; памацаў — вожык; калючы, зараза. Адпіхнуў яго. Зноўку лезе... Быў гэта спешчаны ўлюбёнец Лёлькі. Я раззлаваўся; намацаў на падлозе Лёлькін чаравік і некалькі разоў стукнуў у цемры наўздагад, хочучы адпудзіць вожыка, каб не перашкаджаў мне спаць. Аніяк не меркаваў, што можна такім чынам яго забіць. І ніколі б гэтага не здарылася, калі б небарака не верыў залішне людзям. Не згарнуўся ў клубок і, відаць па ўсім, адзін з маіх удараў патрапіў яму ў нос. Раніцой я прачнуўся ад Лёльчынага плачу. Усхапіўся на ногі. Што здарылася? Гляджу, а вожык ляжыць лапкамі набок. Небарака спруцянеў. Я ніяк не мог суцешыць Лёльку. Мажліва, гэта быў адзіны, бескарыслівы ейны сябар. Мушу абавязкова даведацца, дзе можна купіць вожыка... Шкада Лёлькі, шкада і вожыка. Колькі благога людзі робяць жывёлам. Адны праз жорсткасць, другія здуру, іншыя праз няўвагу. Я люблю жыўнасць, і гэткае зверства над вожыкам адтрымалася выпадкова, ад няўважлівасці.

Ліда, 24 верасня 1922 г.

Трэці дзень у Лідзе. Паабяцаў братам Сноўскім прыехаць да іх і стрымаў слова. У Баранавічах было сумнавата. Лёлька ўсё плакала па Ерыку (так звала вожыка), а Палкоўнік і Уладзік усё імкнуліся адвесці мяне ў «лепшае таварыства», каб утаймаваць мае буянствы. А я гэтага не жадаю... Ісці да прыстойных дзяўчат, дык я не ўмею ні элегантна апранацца, ні казаць гладкіх фраз. Манеры мае жадаюць лепшага, магу на бяду ляпнуць такое глупства, што... ого-го! Навошта мне гэта?.. Не ўсе памяркоўныя... Таму сеў я на цягнік і гайдануў у Ліду.

Браты Сноўскія вельмі ўсцешыліся майму прыбыццю. Гэта мае выпрабаваныя сябры, а з Янкам я меў нават агульныя, даволі цікавыя прыгоды.

Бавімся цэлымі днямі, а потым ідзём на вячоркі, дзе збіраецца вясёлая, непрэтэнцыёзная моладзь. Калі занудзімся, выпраўляем настрой гарэлкай. Я заляцаюся да Гэлі, дачкі гаспадара, у якога яны жывуць. Частую яе цукеркамі, ходзім у кіно, чулліва сціскаю ёй ручку. І гэта ўсё — не ведаю навошта. Абы нешта рабіць, што робяць і іншыя.

Дні ляцяць. Толькі часам, як у дзікім карагодзе, перад вачыма праносяцца абрысы людзей «адтуль». Прыгадаецца мяжа, праца, якую неўзабаве буду працягваць. І зноў — піць, гуляць, пакуль жывы. У мяне неблагі голас, і я люблю спяваць. Часта, падпіты, бяру ў рукі гітару і спяваю песенькі — пераважна турэмныя. І не прыдуманыя шлягеры, але даўнія, які ўзніклі на катаргах, астрогах, цэнтралах. Заўважыў, што найболей мне падабаецца адна, некалькі пачатковых строф якой прывяду:


Маці, маці, помню я:
Ты мяне любіла І пяшчотай поўніла,
Ледзь неўплач прасіла:
Не хадзі з басотай, сын,
А хадзі з панамі,
Бо з басотай, сынСыбір,
Доля з кайданамі.

Калі быў п’яны, а слухачоў меў непераборлівых, спяваў так выдатна, што ўкладваў у выкананне шмат пачуцця. Гэлька захаплялася гэткімі песнямі і заўжды прасіла, каб я абавязкова перапісаў для яе адну, якая асабліва ёй падабалася «Далёка ў Іркуцкім краі».

29